ЧЖУ ДЭ (6.11.1886, пав. Ілун, прав. Сычуань, Кітай — 6.7.1976),
кітайскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў Юньнаньскае ваен. вучылішча (1911). У 1909 уступіў у рэв. арг-цыю Тунмэнхой, вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1922—24, Германія). Удзельнік Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Да 1922 афіцэр у войсках мілітарысцкіх груповак (камандзір брыгады). У 1925—26 у СССР. Потым у Кітаі, далучыўся да Нац.-рэв. арміі (НРА), удзельнічаў у Паўночным паходзе 1926—28. Адзін з кіраўнікоў Наньчанскага паўстання 1927. Сфарміраваў 4-ы корпус Чырв. арміі (з Мао Цзэдунам), з 1931 галоўнакаманд. Чырв. арміі Кітая. Ваен. кіраўнік Паўночна-заходняга паходу 1934—36. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандуючы 8-й арміяй, якая дзейнічала ў тыле яп. войск у Паўн. Кітаі. У ходзе трэцяй грамадзянскай вайны ў Кітаі 1946—49 камандаваў узбр. сіламі КПК — Нац.-вызв. арміяй Кітая (НВАК), якая нанесла паражэнне рэжыму Гаміньдана. У 1945—54 галоўнакаманд. НВАК. У 1954—59 нам. старшыні КНР, з 1959 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. З 1934 чл. ЦК і чл. Палітбюро ЦК КПК, у 1956—69 і 1973—76 чл. Пастаяннага к-та ЦК КПК. Дачка Ч.Д. Чжу Мінь, прыехаўшы ў чэрв. 1941 у піянерскі лагер у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у час Вял. Айч. вайны знаходзілася да 1944 на тэр. Беларусі (была арыштавана ням.-фаш. захопнікамі, але не апазнана; пасля вызвалення хавалася ў мірных жыхароў і партызан).
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)